<?xml version="1.0" encoding="windows-1251"?>
<FictionBook xmlns="http://www.gribuser.ru/xml/fictionbook/2.0" xmlns:l="http://www.w3.org/1999/xlink">
  <description>
    <title-info>
      <genre>sf</genre>
      <author>
        <first-name>Василий</first-name>
        <middle-name>Павлович</middle-name>
        <last-name>Бережной</last-name>
      </author>
      <book-title>Матчын голас</book-title>
      <lang>be</lang>
      <src-lang>uk</src-lang>
    </title-info>
    <document-info>
      <author>
        <nickname>rusec</nickname>
        <email>lib_at_rus.ec</email>
      </author>
      <program-used>LibRusEc kit</program-used>
      <date value="2013-06-10">2013-06-10</date>
      <id>Mon Jun 10 22:32:32 2013</id>
      <version>1.0</version>
    </document-info>
    <publish-info/>
  </description>
  <body>
    <title>
      <p>Бережной Василий Павлович</p>
      <p>Матчын голас (на белорусском языке)</p>
    </title>
    <section>
      <p>Васiль Беражны </p>
      <p>Матчын голас </p>
      <p>Пераклад: Павел Марцiновiч </p>
      <p>Прыляцеўшы на Месяц, яна ўсё разглядвала, захоплена ўсклiквала: </p>
      <p>- Нiколi не думала, што тут гэтак добра! </p>
      <p>Ён вадзiў яе несканчонымi тунелямi Селенаполiса, паказваў гмахi, якiя падпiралi чорнае, усеянае зоркамi неба. </p>
      <p>- А хадзiць тут як лёгка, сыночак!.. </p>
      <p>Голас у мацi быў звонкi, яшчэ зусiм малады - можа, таму, што яна пявучая? Колькi памятае яе - любiла спяваць. На святы, сустракаючы гасцей, спявала весела, з iмпэтам, а ў буднi, за хатняй работай, - прыглушана i трохi сумна. Нават размаўляючы, як быццам вымаўляла словы - спявала iх. I зараз у ейным голасе было нешта гэткае... можа, незвычайнае або, можа... Можа, гэта яе так узрушыў палёт на Месяц? Ён услухоўваецца ў гэты да болю родны голас i нiяк не можа зразумець, што ж гэта так звiнiць у iм? </p>
      <p>- А ў нас цвiтуць сады. Калi толькi прымаразкi не прыцiснулi... Ураджай будзе! Прыедзеш у водпуск гэтым летам? </p>
      <p>Хацеў сказаць ёй пра экспедыцыю, словы ледзь не зляцелi з вуснаў, але... Навошта трывожыць мацi? Трывожыць... Ага, вось яно што - у ейным голасе чуецца трывога! Словы вясёлыя, а голас трывожны. Няўжо здагадалася, што гэта развiтанне? </p>
      <p>- Хоць тут i лёгка хадзiць, - сказаў ён мацi, - але адлегласцi немалыя. Селенаполiс займае больш за сто квадратных кiламетраў. Давай, мама, трохi пад'едзем. </p>
      <p>Дарожка, размаляваная палосамi зялёнага пластыку, панесла iх гулкiмi тунелямi, высокiмi пячорамi, сцены якiх iскрылiся ў святле кварцавых лямпаў. На паверхню iх вынес эскалатар. Мацi моўчкi глядзела на валатоўскi шацёр, якi кветкай ландыша накрываў кратэр дыяметрам не менш за кiламетр. </p>
      <p>- Пляц Супольнасцi Нацый, - тлумачыў ён мацi. - Пасля работы сюды сыходзяцца людзi розных народаў Зямлi. Усе, хто працуе ў Селенаполiсе. А вось да возера пайшла група турыстаў. Паплаваць на Месяцы - экзотыка! </p>
      <p>- Э, у Дняпры, напэўна, лепей. Вось як будзе ў цябе водпуск... </p>
      <p>Калi аглядалi панараму астрадрома, дзе ў чорную глыбiню космасу нацэлiлiся два караблi вышынёй з Астанкiнскую тэлевiзiйную вежу, мацi зноў уздыхнула. </p>
      <p>- Што гэта? </p>
      <p>- Караблi далёкага дзеяння, мама. Рыхтуецца экспедыцыя да суседняй планетнай сiстэмы. </p>
      <p>Прыжмуранымi вачыма глядзела яна на ракеты, а там поркалiся, мiтусiлiся мантажнiкi, зусiм маленькiя на такой далёкай адлегласцi. Цiха сказала: </p>
      <p>- I чаго ляцець Бог ведае куды? Навошта лезцi ў пекла? </p>
      <p>- Гэта надзейныя караблi, мама! </p>
      <p>- А хiба не лепш было б спачатку поўнасцю абжыць Месяц, потым усе планеты Сонечнай сiстэмы, а тады ўжо... </p>
      <p>Цяпер уздыхнуў ён. </p>
      <p>- Магчыма, але... </p>
      <p>- Але што? </p>
      <p>- А хiба я ведаю?.. </p>
      <p>Ох, як яму хацелася расказаць пра гэты вынашаны ў марах палёт, пра тое, як ён хваляваўся, праходзячы адборачную камiсiю! Але стрымаўся. Гэта ж апошняя сустрэча перад стартам, апошняя - навошта ж яе азмрочваць? Мацi - гэта ж мацi, зараз пачне ўсе свае шкадобы... </p>
      <p>А яму так прыемна, радасна слухаць яе. Хай гаворыць што заўгодна, абы толькi чуць, успрымаць, улiваць у душу гэты родны, адзiны сярод мiльярдаў голас. </p>
      <p>- Ты думаеш, чаму чалавек прыжываецца на Месяцы? - фiласофствавала мацi. Бо ён у сферы прыцягнення роднай Зямлi, роднага Сонца. Гэта ж прастора, адведзеная нам прыродаю! I пакiнуць сваё Сонца... Хто ведае, што можа здарыцца... </p>
      <p>Ён слухае i слухае, быццам п'е крынiчную ваду дзесьцi на Зямлi, у засенi дрэў. А мацi паказвае вачыма на вялiзную блакiтную кулю i, панiзiўшы голас, вядзе гаворку: </p>
      <p>- Зiрнi, сынку, гэта ж цуд... Плыве ў прасторы Зямля, сама сабою, вось бачыш, снежная шапка на полюсе, а як адблiсквае акiян. Калыска жыцця! I як жа гэта так - узяць i пакiнуць гэтую казачную красу?.. </p>
      <p>У яго быццам расплюшчылiся вочы, ён зiрнуў на родную планету i ўбачыў, якая яна дзiвосная - сапраўдны цуд прыроды! </p>
      <p>Невядомае дагэтуль пачуццё ахапiла яго - зашчымела сэрца. </p>
      <p>- Дык калi ж у цябе водпуск? </p>
      <p>- Невядома, мама... Таму i запрасiў, што сам не ведаю... Невядома, калi ўбачымся... </p>
      <p>А сам добра разумеў, што водпуску ўжо не будзе. I мацi бачыць у апошнi раз. Халадок далёкага - ой якога далёкага! - падарожжа поўнiў ужо ягоныя грудзi. </p>
      <p>- Пастарайся хоць на восень, - кажа яна, як просiць. - Якраз яблыкi, iгрушы... Ды i кавуны... </p>
      <p>- Думаеш, мне не хочацца пахадзiць басанож па расе? </p>
      <p>- Вось i паходзiш. Пагасцюеш у сваякоў, таварышаў. </p>
      <p>Не, мацi i думаць не можа, што сын скiруецца ў космас i навекi страцiць усiх сваiх блiзкiх. </p>
      <p>- А нашу сажалку паглыбiлi, колькi там рыбы! Ты ж любiш рыбал... </p>
      <p>- Дзяжурнага аператара на вахту! - прагрымела з дынамiка. </p>
      <p>Кранулiся кнопкi, экранчык пагас, матчын голас змоўк. </p>
      <p>- Iду. </p>
      <p>Ён часцяком пракручвае гэты запiс i як быццам зноў ходзiць з мацi па Месяцы, бачыць родную планету. Бо яны ўсё ж пакiнулi сваё Сонца, нават у тэлескопе яно бачнае адгэтуль зорачкай 12-й велiчынi. А Зямлi ўжо даўно не вiдаць. </p>
      <p>Чаму яны паляцелi? Бо маладыя. I чалавецтва маладое. </p>
    </section>
  </body>
</FictionBook>
