<?xml version="1.0" encoding="UTF-8"?><FictionBook xmlns="http://www.gribuser.ru/xml/fictionbook/2.0" xmlns:xlink="http://www.w3.org/1999/xlink"><description><title-info><genre>antique</genre><author><first-name>Сяргей</first-name><last-name>Белаяр</last-name></author><book-title>Логіка негуман</book-title><lang>ru</lang></title-info><document-info><author><first-name>Сяргей</first-name><last-name>Белаяр</last-name></author><program-used>calibre 0.8.11</program-used><date>4.3.2016</date><id>43977f29-3c24-44f6-9ba0-e468395922cf</id><version>1.0</version></document-info></description><body>
<section>
<empty-line /><p><strong>СЯРГЕЙ БЕЛАЯР</strong></p>

<p><strong>ЛОГІКА НЕГУМАН</strong></p>

<p><strong><emphasis>Фантастычнае апавяданне</emphasis></strong></p>

<p>Транспартнае судна «Непатрабавальны мул» перасекла мяжу Сонечнай сістэмы дваццаць другога кастрычніка дзве тысячы сто шэсцьдзясят дзявятага года. На борце было васьмёра членаў экіпажа і адзінаццаць з паловай тысяч тон каштоўнага грузу, які чакалі на Еўропе.</p>

<p>—		Хутка мы будзем дома! — летуценна ўсміхнулася Сняжана Гаўрыш і прыціснулася да каханага. Вочы долмата Раксы гарэлі радасцю, прычынай якой было не толькі ўсведамленне блізкасці спадарожніка Юпітара. — Ты яшчэ не прыдумаў імя для дзіця?</p>

<p>—		Калі народзіцца хлопчык, назавём Арвідам, у гонар дзеда...</p>

<p>—		А калі дзяўчынка?</p>

<p>—		Не ведаю, — Ракса пяшчотна пагладзіў жанчыну па жываце, які пачаў акругляцца, а затым пацалаваў у патыліцу, удыхнуўшы чароўны водар валасоў. — Мне падабаецца Астэрыя.</p>

<p>—		А Бажэна?</p>

<p>—		Чаму не? — паціснуў плячыма Ракса. — Таксама прыгожае імя... Галоўнае, каб табе падабалася!</p>

<p>—		Не, цяпер мы — сям’я. І падабацца павінна нам абодвум.</p>

<p>—		Мы занадта розныя для таго, каб мець аднолькавыя густы.</p>

<p>—		Мужчына і жанчына павінны быць рознымі, інакш у іх саюзе няма ніякага сэнсу... Праўда, прыгожа?</p>

<p>Гарызонт займаў срэбны россып.</p>

<p>—		Ты столькі гадоў у космасе, але так і не перастала захапляцца зоркамі? — здзівіўся Ракса.</p>

<p>—		Імі нельга аб’есціся, таму што яны мацнейшыя за любы наркотык... Я буду па іх сумаваць!</p>

<p>—		Гэта ж не назаўсёды!</p>

<p>—		Я змагу вярнуцца да іх толькі пасля таго, як нашадзіця стане дарослым, — у голасе Гаўрыш адчуваўся смутак, — а да гэтага... Не хвалюйся, Долмат, я дам рады, бо нас будзе трое!</p>

<p>—		Мы можам наняць выхавацеля.</p>

<p>—		Мы ўжо гаварылі пра гэта: ані нянечкі, ані дзіцячыя садкі, якімі б выдатнымі яны ні былі, бацькоў ніколі не заменяць!</p>

<p>—		Я магу знайсці іншую працу.</p>

<p>—		А чым дрэнная гэта?.. Ты будзеш прылятаць на Еўропу. Хай на месяц, на два, але зможаш праводзіць час з дзіцём... Дый дзе ты яшчэ заробіш такія грошы?</p>

<p>У словах Гаўрыш мелася рацыя, таму Ракса палічыў за лепшае прамаўчаць. Ды і навошта лішні раз верадзіць душу?</p>

<p>—		Падумаць толькі, я падарыў жыццё чалавеку, і гэты чалавек зможа радавацца яму. Стаць пісьменнікам ці артыстам, будаваць дамы ці кіраваць касмічнымі караблямі...</p>

<p>—		Хочаш, каб наша дзіця стала касманаўтам?</p>

<p>—		Кім яно будзе, вырашаць яму. Галоўнае, каб прыносіў карысць людзям!</p>

<p>—		Ты заўсёды была альтруісткай, — Ракса ўзнагародзіў жанчыну пацалункам і злавіў сябе на тым, што лічыць яе сапраўдным падарункам лёсу.</p>

<p>—		А ты не?</p>

<p>Адказаць Раксу не далі.</p>

<p>—		Капітан? — ажыў інтэркам.</p>

<p>—		Прабач! — Ракса наблізіўся да перамоўнай прылады і націснуў на кноп­ку. — Слухаю!</p>

<p>—		Інвентарызацыя грузу завершана. Пасля выхаду з гіперпрасторы мы нічога не страцілі!</p>

<p>—		Добра, Вірмант! Што рэактар?</p>

<p>—		Набірае абароты. Праз два тыдні будзем у порце!</p>

<p>—		Падумаць толькі — многіх зорак даўным-даўно няма, а святло ад іх працягвае да нас ісці, — сказала Гаўрыш, калі Ракса зноў схапіў яе ў абдымкі. — Што гэта?</p>

<p>—		Не ведаю...</p>

<p>Прама па курсе з’явілася воблака, афарбаванае ў блакітныя і ружовыя колеры. Ракса быў гатовы паклясціся, што яшчэ секунду таму гарызонт быў чысты. Памеры воблака імкліва павялічваліся.</p>

<p>«Непатрабавальны мул» не мог ні затармазіць, ні павярнуць...</p>

<p>Спалохацца касманаўты не паспелі. Пачуўся дробны трэск анігіляцыі, які імгненна ўзмацніўся да верхняй крытычнай велічыні, затым судна з жахлівай сілай скаланула.</p>

<p>Згасла святло, і практычна адначасова завыла сірэна.</p>

<p>—		Долмат! — голас Гаўрыш звінеў ад спалоху.</p>

<p>—		Без панікі! — Ракса ўскочыў і дапамог жанчыне падняцца. — Ты цэлая?</p>

<p>—		Так, — Гаўрыш цяжка дыхала. Адчувалася, што яна слаба кантралюе сябе.</p>

<p>—		Да вочак!</p>

<p>Перагародку прыйшлося падымаць уручную. Ледзь толькі ўтварылася дзірка якая дазваляла выбрацца з адсека, як касманаўты нырнулі ў яе. З-за дыму было цяжка дыхаць. Ён лез у вочы, замінаючы арыентавацца.</p>

<p>—		Сюды! — Ракса сціснуў руку Гаўрыш і пацягнуў жанчыну за сабой. Лік ішоў на секунды. З кожным крокам дыму прыбывала. Сістэма прымусовай вентыляцыі бяздзейнічала.</p>

<p>—		Чаму не загараецца аварыйнае асвятленне?</p>

<p>Замест адказу Ракса сарваў вечка і вырваў з яго дубль-скафандр.</p>

<p>—		Апранай! Хутчэй!</p>

<p>Экіпаж любога судна стараліся падбіраць з такім разлікам, каб касманаўты не моцна адрозніваліся адзін ад аднаго па камплекцыі.</p>

<p>На тое, каб апрануцца ў скафандры, сышло крыху больш за хвіліну. Да гэтага часу дым апусціўся да пояса.</p>

<p>—		Можаш дыхаць?.. Выдатна, не адыходзь ад мяне!.. Вірмант?.. Вірмант, чуеш мяне?.. Адказвай, Вірмант!</p>

<p>Ні па ўнутраным канале, ні па інтэркаме звязацца з памочнікам капітана так і не ўдалося.</p>

<p>—		Мы павінны трапіць на мосцік!</p>

<p>Зрабіць гэта хутка і з найменшай рызыкай можна было толькі праз выхад у адкрыты космас.</p>

<p>Гаўрыш не вагалася.</p>

<p>У суседнім адсеку панаваў вакуум — выбух прабіў наскрозь усе тры пласты ашалёўкі. Пры цьмяным святле зорак была бачная бялявая заслона інею, што пакрываў сцены, падлогу і столь.</p>

<p>Холад абсалютнага нуля. Выжыць немагчыма.</p>

<p>На шчасце, помпа не пацярпела, і касманаўтам удалося хутка адпампаваць паветра. А вось перагародка падымалася з цяжкасцю, прымушаючы губляць каштоўныя хвіліны. Нарэшце шлях быў вольным.</p>

<p>—		Чаравікі! — не паленаваўся лішні раз нагадаць пра магнітныя прысоскі Ракса. З космасам жартаваць нельга. Ён, як і раней, заставаўся чужым і варожым. — Гатовая?.. За мной!</p>

<p>Касманаўты ўключылі ўнутраны ціск скафандраў і ступілі ў пустэчу. Па адсеку загулялі прамяні ліхтароў. Да шлюзавай камеры дайшлі без праблем, а вось з люкам зноў узнікла замінка — створкі ніяк не хацелі рассоўвацца.</p>

<p>Ракса і Гаўрыш пасля няўдалай спробы прабіць праход пры дапамозе лома пусцілі ў ход плазменны разак. Промень без цяжкасці прарэзаў тоўсты метал. Замацаваўшы страховачны трос, Ракса першым пакінуў судна.</p>

<p>Ашалёўку «Непатрабавальнага мула» нібы паела воспа. Рознапамерныя кратэры, шчыліны і шчарбіны пакрывалі ўсю пярэднюю частку судна. Дзе-нідзе ў корпу­се зеўралі вялікія дзіркі. Усе яны размяшчаліся насупраць адсекаў, дзе знаходзіліся людзі.</p>

<p>Ракса ў думках вылаяўся — ён да апошняга моманту спадзяваўся на тое, што яшчэ каму-небудзь пашчасціла выжыць.</p>

<p>—		Пашанцавала, нічога не скажаш.</p>

<p>Гаўрыш заплакала — яна паспела пасябраваць з усімі.</p>

<p>Варта было павярнуць галаву, як у поле зроку трапляла воблака, якое хутка аддалялася. Нічога не сведчыла пра тое, што нейкія паўгадзіны таму яно сустрэлася з «Непатрабавальным мулам».</p>

<p>—		Антыгаз... Трагічная выпадковасць... Мы павінны ісці!</p>

<p>Падсвядома Ракса чакаў пытання «навошта», але яно не ўзнікла — на першае месца выйшла дзіця.</p>

<p>Хуткасць была невысокая, тым не менш перасоўвацца па корпусе аказалася справай вельмі няпростай. Няроўная паверхня абцяжарвала счапленне, і з гэтай прычыны даводзілася пастаянна сачыць за тым, каб цэнтр цяжару ссоўваўся наперад.</p>

<p>Касманаўты былі ўсяго за некалькі крокаў ад мэты, калі «Непатрабавальны мул» патануў у асляпляльнай вогненнай успышцы...</p>

<p>Ракса адчуў, як жахлівая сіла адарвала яго ад корпуса і шпурнула насустрач зоркам. Яго страховачны трос захліснуўся на назе Гаўрыш, тым самым не дазволіўшы ёй адарвацца ад мужчыны.</p>

<p>Палёт працягваўся вечнасць...</p>

<p>Урэшце супраціў інерцыі масы прымусіў касманаўтаў скінуць хуткасць да нуля.</p>

<p>Ракса падцягнуў да сябе Гаўрыш. Жанчына была жывая, але яе твар нагадваў маску. Безвыходнасць. Нават калі б яны і мелі магчымасць паслаць сігнал бедства, выратавальнікам не паспець да таго, як скончыцца кісларод.</p>

<p>Заставалася спадзявацца толькі на цуд. Касманаўты былі рацыяналістамі.</p>

<p>—		Чаму, як толькі я знайшла сэнс жыцця, гэтае жыццё ў мяне адбіраюць?.. Хай бы толькі маё, але дзіцячае...</p>

<p>Адзінае, што быў у стане зрабіць Ракса, — схапіць Гаўрыш у абдымкі. Ён не саромеўся слёз. Менавіта праз іх капітан «Непатрабавальнага мула» не адразу зразумеў, што яркая кропка, якая загарэлася на фоне Юпітара, галюцынацыяй не з’яўляецца.</p>

<p>Не маючы магчымасці выцерці слёзы, Ракса прамаргаўся. Кропка пачала набываць строгія геаметрычныя формы. Загарэўся агеньчык надзеі.</p>

<p>—		Сняжана! — жанчына не адрэагавала, таму Ракса энергічна страсянуў яе. — Паглядзі туды!</p>

<p>Гаўрыш пакорліва павярнула галаву, каб праз некалькі секунд схамянуцца і закрычаць:</p>

<p>—		Гэй, мы тут! Дапамажыце!</p>

<p>Дзве фігуркі ў светлых скафандрах маглі і не заўважыць, а вось атрутна-аранжавы фальшфейер...</p>

<p>Ракса вырваў чаку і адкінуў цыліндр, які выбухнуў воблакам дробнадысперснага пылу. За хвіліну дыяметр воблака павялічыўся ў дзесяць разоў.</p>

<p>Радасць змянілася спалохам — па меры таго, як касмічны карабель скарачаў адлегласць, можна было зразумець, што з тварэннем чалавечых рук ён не мае нічога агульнага.</p>

<p>—		Хто гэта, Долмат?</p>

<p>—		Здаецца, мы ўсё ж такі не самотныя ў Сусвеце... Браты па розуме завіталі!</p>

<p>—		Мне страшна!</p>

<p>—		Не бойся, я з табой! — якія яшчэ словы мог знайсці Ракса?</p>

<p>Іншапланетны зоркалёт завіс прыкладна за сотню кіламетраў ад касманаўтаў.</p>

<p>Нават на такой адлегласці ён здаваўся велізарным. У корпусе з’явілася дзірка, з яе вылецеў бот. Яму спатрэбілася ўсяго некалькі секунд для таго, каб наблізіцца да Раксы і Гаўрыш.</p>

<p>Не менш за хвіліну бот вісеў без руху, затым падаўся назад і адкрыў люк у выпуклым пузе.</p>

<p>—		Што адбываецца? — жанчына паспрабавала прыціснуцца да мужчыны, але пасля таго, як страховачны трос сам па сабе расшматаўся, Раксу з нарастаючай сілай пацягнула да бота. — Не адпускай мяне!</p>

<p>—		Трымаю!</p>

<p>Прыцягненне аказалася мацнейшым. Як толькі мужчыну ўсмактала ў дзірку, люк зачыніўся, а бот узяў курс на касмічны карабель.</p>

<p>—		Не, пачакайце! Там мая жонка! Вы пакінулі Сняжану! — Ракса рынуўся да люка. Мужчыну адкінула пасля першага ж удару кулаком па метале.</p>

<p>Свядомасць змеркла...</p>

<p>Ачуўся Ракса ў вялікім памяшканні з паўкруглым скляпеннем. У вочы, прымушаючы жмурыцца, біла яркае святло.</p>

<p>Мужчына зрабіў спробу прыкрыць вочы рукой і са здзіўленнем усвядоміў, што не ў стане паварушыцца: рукі, ногі, грудзі і лоб апярэзвалі мяккія, але трывалыя рамяні.</p>

<p>Ля ложка стаялі двое. Відавочныя негуманоіды.</p>

<p>Істоты з цікавасцю разглядалі Раксу і перагаворваліся паміж сабой на свісцячай мове.</p>

<p>—		Вызваліце мяне!</p>

<p>Негуманоіды перазірнуліся, пасля чаго сінхронна сціснулі залацістыя абручы.</p>

<p>—		Гэта для вашай жа карысці! — у голасе звінеў метал.</p>

<p>—		Я патрабую, каб вы неадкладна знялі з мяне рамяні і вярнуліся за Сняжанай!</p>

<p>—		Адказ адмоўны!</p>

<p>—		Калі вы не вернецеся, яна памрэ ад асфіксіі! У яе вось-вось скончыцца кісларод!</p>

<p>—		Адказ адмоўны! Біялагічная небяспека — унутры самкі знаходзіцца чужая форма жыцця.</p>

<p>—		Што? — Ракса не адразу зразумеў, пра што ідзе гаворка. А калі да яго дайшоў сэнс, вочы камандзіра «Непатрабавальнага мула» шырока раскрыліся ад жаху.</p>
</section>

</body></FictionBook>