<?xml version="1.0" encoding="utf-8"?>
<FictionBook xmlns="http://www.gribuser.ru/xml/fictionbook/2.0" xmlns:l="http://www.w3.org/1999/xlink">
 <description>
  <title-info>
   <genre>child_sf</genre>
   <author>
    <first-name>Геннадий</first-name>
    <middle-name>Петрович</middle-name>
    <last-name>Авласенко</last-name>
    <id>183177</id>
   </author>
   <book-title>Вася Лайдачкін і іншапланецянін</book-title>
   <date></date>
   <lang>be</lang>
  </title-info>
  <document-info>
   <author>
    <nickname>Lykas</nickname>
   </author>
   <program-used>FictionBook Editor Release 2.6</program-used>
   <date value="2015-12-21">21 December 2015</date>
   <id>2CAEE702-0D83-4F71-9AA8-58414B159135</id>
   <version>1.0</version>
   <history>
    <p>V1.0 — Lykas (конвертация из rtf)</p>
   </history>
  </document-info>
  <publish-info>
   <year>2010</year>
  </publish-info>
  <custom-info info-type="librusec-id">439601</custom-info>
 </description>
 <body>
  <section>
   <title>
    <p>Генадзь Аўласенка</p>
    <p>Вася Лайдачкін і іншапланецянін</p>
   </title>
   <p>Аднойчы Вася Лайдачкін іншапланецяніна сустрэў. Дакладней, іншапланецянін сам яго напаткаў, у той час, калі Вася, як звычайна, факультатыў па астраноміі прагульваў. Нанёс яму, так сказаць, сяброўскі міжгалактычны візіт.</p>
   <p>А справа ў гарадскім парку адбывалася. Сядзеў Вася на лаўцы ў поўнай адзіноце і рабіў адначасова аж тры карысныя справы. Па-першае, марожаным ласаваўся шакаладным, па-другое, музыку гучную слухаў праз навушнікі… ну, і па-трэцяе, проста ва ўсе магчымыя бакі азіраўся ў пошуках чаго-небудзь для сябе цікавага.</p>
   <p>I ведаеце, недарма азіраўся. Бо ўбачыў раптам, як лятаючая талерка зусім непадалёку ад яго на траву апусцілася. Самая сапраўдная талерка, круглая, бліскучая… зусім такая, як яе ў фільмах фантастычных паказваюць…</p>
   <p>Тут Вася і вырашыў, што гэта фільм нейкі новы побач здымаецца. I нават калі люк у талерцы немаведама адкуль з’явіўся і зялёны іншапланецянін з яго вылез — Вася і тады ніколькі не сумняваўся, што гэта проста артыст нейкі пераапрануты.</p>
   <p>А іншапланецянін падышоў да Васі, паглядзеў на яго ўсімі чатырма сваімі вачыма і кажа:</p>
   <p>— О, прывітанне табе, брат па розуму!</p>
   <p>Прычым, не словамі гэта сказаў, бо ў яго нават ротавай адтуліны на твары не назіралася. А сказаў, хутчэй, тэлепатычна… думкай, так сказаць. I Вася, нават праз музыку сваю гучную, думку ягоную добра пачуў і зразумеў.</p>
   <p>Здзівіўся ён, музыку на ўсялякі выпадак выключыў, рэшткі марожанага хуценька праглынуў, паглядзеў на іншапланецяніна больш уважліва.</p>
   <p>«Нічога сабе, спецэфектыкі! — думае. — Ды і касцюмчык гэты… трэба ж такі касцюмчык адбойны змайстраваць!»</p>
   <p>А іншапланецянін яго, вядома ж, адразу пачуў тэлепатычна. Агледзеў сябе недаўменна і адказвае (таксама праз тэлепатыю сваю):</p>
   <p>— А чым табе, брат па розуму, мой касцюмчык не падабаецца? У нас, між іншым, усе так апранаюцца!</p>
   <p>А Вася яму ў адказ:</p>
   <p>— А можна мне ў вашых здымках крыху паўдзельнічаць? Хоць у масоўцы якой… і лепш, каб у такім вось касцюмчыку…</p>
   <p>Тут іншапланецянін зразумеў нарэшце (тэлепат, як-ніяк), што Вася яго за кагосьці іншага прымае. Пакрыўдзіўся нават.</p>
   <p>— Ды не! — кажа. — Прычым тут кіно? Я — самы сапраўдны іншапланецянін! Я да вас аж ад самага сузор’я Дракона ляцеў!</p>
   <p>— Ага! — адказвае яму Вася саркастычна. — Ад Дракона, кажаш?! Ну, калі ты ад Дракона, дык я тады — ад Гары Потэра! I наогул, хопіць мне мазгі пудрыць, я па «відыку» і не такіх прыкольных іншапланецян бачыў! Лепш скажы: здымуць мяне ў масоўцы вашай ці не?!</p>
   <p>Расхваляваўся іншапланецянін ад такога ўяўнага недаверу да сваёй асобы і ад хвалявання з зялёнага адразу ж чырвоным стаў. А з чырвонага — сінім. А з сіняга — аж шэра-бура-малінавым нейкім…</p>
   <p>Толькі на Васю гэта асаблівага ўражання не аказала. Ён у фільмах і не такое бачыў.</p>
   <p>— Ну, што гэта за спецэфекты такія, — кажа. — Не памятаю нават, у колькіх фільмах я такое ўжо бачыў. Усё гэта — учарашні дзень кінематаграфіі! Нават пазаўчарашні…</p>
   <p>— А што мне зрабіць такое, каб ты, нарэшце, паверыў, што я і сапраўды з сузор’я Дракона? — з надзеяй пытаецца іншапланецянін, у свой першапачатковы зялёны колер вяртаючыся.</p>
   <p>— Зноў ты за сваё! — кажа Вася. — Ты мне скажы лепш: гэта проста фантастычны фільм будзе ці мо фільм жахаў які?</p>
   <p>— Ды які фільм жахаў? — зноў пачаў чырванець іншапланецянін. — Жахі тут пры чым?</p>
   <p>— А пры тым, — кажа Вася, — што фільмы жахаў я нават больш паважаю, чым проста фантастычныя!</p>
   <p>Тут іншапланецянін з чырвонага колеру ў сіні пачаў перафарбоўвацца.</p>
   <p>— Ты верыш, што я іншапланецянін?! — крычыць тэлепатычна. — Верыш ці не?!</p>
   <p>Але Васю так проста не возьмеш.</p>
   <p>— Тады паверу, — кажа, — калі ў масоўку мяне возьмеце!</p>
   <p>I ўмольна так на іншапланецяніна глядзіць, на тое, як ён зноў шэра-бура-малінавым робіцца…</p>
   <p>— Ну, што вам, цяжка? Хоць на зусім малюпасенькую ролю якую!</p>
   <p>Узвыў тут іншапланецянін (тэлепатычна, вядома), у паветра ўзляцеў і давай над Васевай галавой мёртвыя петлі вырабляць.</p>
   <p>— Цяпер верыш? — крычыць. — Няўжо і цяпер не верыш?</p>
   <p>Уздыхнуў Вася.</p>
   <p>— I гэта, — кажа, — не той эфект, з якім вы вялікія касавыя зборы зрабіць зможаце. А вось у тое, што не хочаце вы мяне ў сваім кіно здымаць… у гэта я веру! Скажы хоць, як яно называцца будзе, кіно ваша фантастычнае?</p>
   <p>— Ды я ж думкі твае чытаю! — выдаў свой апошні аргумент іншапланецянін. — I размаўляю з табой таксама праз тэлепатыю!</p>
   <p>Але Васю на такі прымітыўны аргумент не зловіш.</p>
   <p>— Падумаеш, думкі! — кажа ён. — Знайшоў, чым здзівіць! Ды ў кожным з фільмаў фантастычных іншапланецяне гэта рабіць могуць! А чым ваш фільм лепшы?!</p>
   <p>Нічога яму на гэта іншапланецянін не адказаў. Лыпнуў толькі на Васю ўсімі чатырма сваімі вачыма, развярнуўся і да талеркі сваёй паляцеў з усёй магчымай хуткасцю. А потым і талерка ягоная бліскучая ў неба накіравалася. Ды так імгненна, што толькі яе і бачылі.</p>
   <p>А Вася зноў музыку сваю ўключыў. І зноў пачаў ва ўсе магчымыя бакі азірацца ў пошуках цікавага. І вельмі шкадаваў, што не ўзялі яго ў масоўку ў фільме гэтым фантастычным і нават назву фільма яму не сказалі…</p>
   <p>Ну як, скажыце, потым фільм гэты адшукаць і ў «відык» свой закачаць?!</p>
  </section>
 </body>
</FictionBook>
