<?xml version="1.0" encoding="UTF-8"?><FictionBook xmlns="http://www.gribuser.ru/xml/fictionbook/2.0" xmlns:xlink="http://www.w3.org/1999/xlink"><description><title-info><genre>antique</genre><author><first-name>Сяргей</first-name><last-name>Белаяр</last-name></author><book-title>Заклад</book-title><lang>ru</lang></title-info><document-info><author><first-name>Сяргей</first-name><last-name>Белаяр</last-name></author><program-used>calibre 0.8.11</program-used><date>9.4.2015</date><id>453ac531-a97d-496a-b8a0-a17203d71d99</id><version>1.0</version></document-info></description><body>
<section>
<empty-line /><p><strong>Сяргей БЕЛАЯР</strong></p>

<p><strong>ЗАКЛАД</strong></p>

<p><strong>Фантастычнае апавяданне</strong></p>

<p>—		Я вар’яцею ад праклятай манатоннасці! — паскардзіўся Таўтвоіш Кандрашэвіч, здаючы карты. — Кожны дзень адно і тое ж: батарэі, калектары, модулі... Яшчэ гады два, і мяне можна будзе здаваць ва ўтыль!</p>

<p>Кгін Мажэйка падняў вочы на інжынера-геліяэнергетыка і сказаў:</p>

<p>—		Ты ж выдатна ведаў, што чакае цябе ў месяцовай калоніі, калі падпісваў кантракт з касмічным агенцтвам!</p>

<p>—		Але ж я не думаў, што рэчаіснасць акажацца настолькі аднастайнай! Мне вельмі хочацца зламаць адну з батарэй, каб хоць гэтак разнастаіць знахо- джанне ў паселішчы!</p>

<p>—		Паспрабуй адцягнуцца — займіся сексам, выпі самагонкі, пакуры траўкі!.. Калі не адпусціць, звярніся да Доўкшы.</p>

<p>—		Ды я і без візіту да псіхааналітыка магу паставіць дыягназ! Баналь­ная нуда!</p>

<p>—		Нават так?.. Адбой!</p>

<p>—		Праекціроўшчыкам трэба было паклапаціцца пра большы выбар забавак для каланістаў!</p>

<p>—		Бібліятэка, аранжарэя, спартыўная зала, фанатэка з відэатэкай — хіба мала?</p>

<p>—		Мала!.. Бяру!</p>

<p>—		Бюджэт асваення Месяца не настолькі вялікі, каб дазволіць мець у калоніі ўсе тыя забавы, якія былі на Зямлі! — нагадаў галоўны механік. — Радуйся, што ў нас наогул штосьці ёсць — марсіянскія каланісты і гэтага мінімуму не маюць!</p>

<p>Таўтвоіш Кандрашэвіч сумна кіўнуў і пачаў тасаваць калоду.</p>

<p>—		Калі Вегер даведаецца пра тое, што ты спецыяльна зламаў сонечную батарэю, табе не паздаровіцца — бліжэйшым рэйсам адправішся на Зямлю з «воўчым білетам» і будзеш вінен агенцтву за неадпрацаваны кантракт! Яно табе трэба?.. Так што цярпі!</p>

<p>—		Ды не вытрымаю я яшчэ сем гадоў!</p>

<p>—		Прымусь сябе!.. Дама!</p>

<p>—		Не магу!</p>

<p>—		Туз!.. Тады папрасі Вегера — ён дакладна знойдзе для цябе занятак!</p>

<p>—		Пашле здабываць гелій-тры! Мэр толькі і ведае, як нагружаць людзей цяжкай фізічнай працай!.. А мне патрабуецца разумовая рэлаксацыя!</p>

<p>—		Прапаную партыю ў гексаганальныя шахматы Глінскага.</p>

<p>—		Надакучыла! — інжынер-геліяэнергетык згроб карты ў кучу. З гульнёй яму сёння не шанцавала — вось ужо сёмы раз запар ён заставаўся дурнем, з іх тры — з пагонамі. — Мне хочацца чаго-небудзь арыгінальнага!</p>

<p>Таўтвоіш Кандрашэвіч перастаў варушыць карты і задумаўся. Скарыстаўшыся паўзай, Кгін Мажэйка закурыў.</p>

<p>—		Эўрыка! — праз некалькі хвілін гаркнуў інжынер-геліяэнергетык.</p>

<p>Нездаровы бляск вачэй Таўтвоіша Кандрашэвіча Кгіну Мажэйку зусім не</p>

<p>спадабаўся. І галоўны механік не памыліўся ў чаканнях.</p>

<p>—		Праз тыдзень я стану кіраўніком калоніі!</p>

<p>—		Калі ты хочаш падняць бунт, я — пас! Супраць Вегера я не пайду!</p>

<p>—		Для таго, каб узначаліць паселішча, бунт не спатрэбіцца — каланісты самі зробяць мяне мэрам!</p>

<p>—		Хіба? — Кгін Мажэйка і не думаў хаваць свайго скепсісу.</p>

<p>—		Трымаем заклад?</p>

<p>Галоўны інжынер адказаў толькі пасля таго, калі перабраў у галаве ўсе магчымыя варыянты, як зрушыць Лювера Вегера.</p>

<p>—		У цябе нічога не атрымаецца!</p>

<p>—		Упэўнены?</p>

<p>—		На сто адсоткаў! Не, нават на дзвесце!</p>

<p>—		У такім выпадку трымаем заклад. Праз тыдзень я стану мэрам, дзякуючы толькі самагонцы, траўцы і амбіцыям!.. Калі выйграю я, ты на паўгода станеш маім рабом! А калі ты... Чаго хочаш?</p>

<p>—		Тады ты год будзеш маім! — у запале выпаліў Кгін Мажэйка. У сваёй перамозе ён ніколькі не сумняваўся. Як і ў тым, што рабства таварыша абмяжуецца максімум адным днём.</p>

<p>—		Па руках! Пачынаем проста цяпер!</p>

<p>У наступную гадзіну Таўтвоіш Кандрашэвіч раздрукаваў на лазернай друкарцы пачак пагадненняў.</p>

<p>—		Я, ніжэйпадпісаны, прадаю сваю душу Таўтвоішу Кандрашэвічу і атрымліваю наўзамен...</p>

<p>—		Літр самагонкі ці дзесяць папярос!</p>

<p>—		Ты сапраўды думаеш, што хтосьці пагадзіцца прадаць табе душу за самагон і траўку?</p>

<p>—		Ты дрэнна ведаеш людзей, Кгін! У кожнага ёсць свой кошт, і ён, як правіла, не вельмі высокі! Патрэбен толькі правільны падыход да чалавека!</p>

<p>—		Сумняваюся, што табе ўдасца падабраць падыход да ўсіх каланістаў!</p>

<p>—		Вось пабачыш! — інжынер-геліяэнергетык шырока ўсміхнуўся, а Кгін Мажэйка злавіў сябе на думцы, што ўжо не так моцна ўпэўнены ва ўласнай перамозе. — Дуят, паставіш подпіс?</p>

<p>—		Калі адкажаш, навошта табе нашы душы! — пасля паўзы сказаў адмін.—		Простая фармальнасць, неабходная для таго, каб даказаць, што рабіць так або інакш усіх без выключэння людзей — пабуджае ўлада!</p>

<p>—		Я чытаў Ніцшэ!.. Праўда, гэта было даўно, і я нічога не зразумеў!.. Мне траўкі!</p>

<p>—		Зойдзеш вечарам!</p>

<p>—		У тэхнічны модуль або ў жылы блок?</p>

<p>—		У жылы блок!.. Ну, што я табе казаў? — усміхнуўся інжынер-геліяэнергетык, калі мужчыны пакінулі камп’ютарны цэнтр. — Кожны з нас гатовы прадаць усё, была б толькі такая магчымасць!</p>

<p>—		Адзін выпадак яшчэ нічога не даказвае!</p>

<p>—		Згодзен, але ўсё яшчэ наперадзе!.. О, Любарт! Маё шанаванне тэхніку!</p>

<p>—		Таўтвоіш, нальеш літр у доўг?</p>

<p>—		Не!</p>

<p>—		Мне вельмі трэба!</p>

<p>—		Усім нам што-небудзь трэба — камусьці больш, камусьці — менш! Не налью, нават не прасі!.. — бачачы дашчэнту засмучаны твар тэхніка, інжынер- геліяэнергетык дадаў: — А вось абмяняць магу! Літр самагонкі на душу!</p>

<p>—		Ты сур’ёзна?</p>

<p>—		І не думаў жартаваць! Вось папера, вось ручка!</p>

<p>Любарт Ванібутовіч узрадавана падпісаў.</p>

<p>—		Не хочаш паглядзець, што там?</p>

<p>Тэхнік толькі адмахнуўся.</p>

<p>—		Увечары чакаю ў жылым блоку!</p>

<p>—		А цяпер нельга? — Любарт Ванібутовіч аблізаў вусны. — Вельмі трэба!</p>

<p>—		Тады табе прыйдзецца зрабіць для мяне адну рэч!</p>

<p>—		Я згодны!</p>

<p>—		Ты ж нават не выслухаў Таўтвоіша! — здзівіўся Кгін Мажэйка.</p>

<p>—		Што трэба зрабіць? — паціснуў плячыма тэхнік.</p>

<p>—		Вось табе пагадненне. Прынясеш мне яшчэ адну душу! Прапануй літр самагонкі ці дзесяць папярос з траўкай!</p>

<p>—		Згода!</p>

<p>—		Ведаю, што ты скажаш, Кгін. Тым не менш, зараз у мяне ўжо дзве душы!</p>

<p>Галоўны механік у адказ прамаўчаў, уражаны тым, з якой лёгкасцю Таўтвоіш Кандрашэвіч купіў другую душу. Адмін і тэхнік нават не спрабавалі задумацца пра тое, што яны робяць. І калі з п’яніцам усё было зразумела, то адмін, чалавек недурны, здзіўляў. Дуят Драмашка заўсёды адрозніваўся разважлівасцю.</p>

<p>Заставалася толькі спадзявацца на тое, што іншыя каланісты не такія.</p>

<p>—		Давай пачакаем тэхніка тут. Думаю, чвэрці гадзіны яму хопіць!</p>

<p>Любарт Ванібутовіч справіўся за дзесяць хвілін.</p>

<p>—		Вось, Ромут Сімак! І мне трэба яшчэ адно — для Кібарта Даманчука!</p>

<p>—		Выдатная праца! — Таўтвоіш Кандрашэвіч выдаў новае пагадненне, пасля чаго мужчыны рушылі да жылога блока інжынера-геліяэнергетыка. Тэхнік ледзь не бег. — Атрымай, як і дамаўляліся!</p>

<p>Самагон і папяросы перавандравалі да Любарта Ванібутовіча. Пры гэтым Таўтвоіш Кандрашэвіч выдаў аванс.</p>

<p>—		Справа рухаецца! — пацёр рукі інжынер-геліяэнергетык.</p>

<p>Да наступлення ночы яму ўдалося займець яшчэ пяць душ.</p>

<p>***</p>

<p>Раніцай навіна распаўсюдзілася па ўсёй калоніі. Кгін Мажэйка даведаўся пра гэта ў транспартным боксе ад аднаго з вадзіцеляў ровера.</p>

<p>—		І ты прадасі яму сваю душу?</p>

<p>—		А каму яна патрэбна? — здзівіўся Даўят Арынчын. — Гэта ўсяго толькі слова! Чаму б не пажывіцца самагонам і траўкай за рэч, якой няма!</p>

<p>Галоўны механік толькі прыгнечана паківаў галавой.</p>

<p>—		Я купіў яшчэ восем душ! — пахваліўся Таўтвоіш Кандрашэвіч, ледзь зайшоўшы ў бокс. — Дакладней, пяць. Тры на рахунку Ванібутовіча. Любарт атрымлівае дваццаць пяць працэнтаў ад кожнай здзелкі. Усё ідзе нават лепш, чым я меркаваў! Як усё ж такі моцна людзі любяць халяву!.. Самагон або папяросы?</p>

<p>—		Самагон! — вызначыўся Даўят Арынчын.</p>

<p>—		Восемсот грамаў!</p>

<p>—		Учора ж быў літр!</p>

<p>—		Я вырашыў перагледзець тарыф. Заўтра будзе семсот!</p>

<p>—		Дзе падпісаць?</p>

<p>—		Якія людзі — Дабрава! Як жывеш, каханая?</p>

<p>—		Не твая справа! І я табе не каханая! — агрызнулася медык.</p>

<p>—		Як балюча чуць такое ад жанчыны, у якую закаханы! А я яшчэ хацеў прапанаваць табе падарыць мне сваю душу...</p>

<p>—		Прэч! Не ведаю, што ты задумаў, але маю душу ты не атрымаеш!</p>

<p>—		Паглядзім! — хітра ўсміхнуўся інжынер-геліяэнергетык, які вось ужо другі год беспаспяхова спрабаваў зацягнуць Бутвіл у ложак.</p>

<p>На шляху да склада гелія-3 Таўтвоішу Кандрашэвічу і Кгіну Мажэйку сустрэўся Малх Вільчура. Геолаг быў глыбока рэлігійным чалавекам.</p>

<p>—		Таўтвоіш, адмоўся!</p>

<p>—		І табе не хварэць, Малх!</p>

<p>—		Адмоўся, калі не хочаш гарэць у пекле!</p>

<p>—		Я так разумею, гэта адмова прадаць мне душу?</p>

<p>—		Не рабі таго, пра што потым пашкадуеш!</p>

<p>—		А за два літры?</p>

<p>—		Ізыдзі!</p>

<p>—		За тры? — кінуў наўздагон геолагу інжынер-геліяэнергетык.</p>

<p>—		Не!</p>

<p>—		Другі пракол за гадзіну? — галоўны механік не здолеў утрымацца ад таго, каб не падпусціць шпільку.</p>

<p>—		Зусім не! Гэта толькі пытанне часу!.. Што вам, мужыкі?</p>

<p>—		Мы перадумалі, — сказаў за чацвярых Альгерд Будрын, — вярні нашы душы!</p>

<p>Некалькі імгненняў Таўтвоіш Кандрашэвіч глядзеў на здаравяка, нават не думаючы сціраць усмешкі са свайго твару, а затым сказаў:</p>

<p>—		Здзелка ёсць здзелка! Думаць трэба было да таго, як распісвацца!.. І дзе вы маеце намер узяць самагон і траўку? Я ж — манапаліст!</p>

<p>Буравікам спатрэбіўся некаторы час на тое, каб асэнсаваць сказанае і знайсці выхад:</p>

<p>—		Мы выкупім свае душы за паслугі!</p>

<p>—		Цікавая прапанова! Тым больш правільная, што прапанаваць вам больш няма чаго... Дайце падумаць!</p>

<p>Паўза доўжылася некалькі хвілін.</p>

<p>—		Добра, аднак цана для кожнага з вас будзе індывідуальнай. Што канкрэтна i каму рабіць, я вызначу пазней!</p>

<p>Буравікам не заставалася нічога іншага, як моўчкі пайсці.</p>

<p>—		І што ты збіраешся запатрабаваць ад іх?</p>

<p>—		Прабач, Кгін, ты мне сябар, але адкрыць карты я не магу — гэта можа паўплываць на вынік закладу! Без крыўд?</p>

<p>—		Безумоўна!</p>

<p>—		Любарт, яшчэ адна душа?</p>

<p>—		Цэлыя дзве! Я быў у аранжарэі!</p>

<p>—		І як жа табе ўдалося атрымаць подпіс прафесара Эйсманда?.. Ты спакойна можаш казаць пры Кгіне — у мяне ад яго таямніц няма!</p>

<p>—		Я падсунуў пагадненне ў тэчку з паперамі на подпіс!</p>

<p>—		І прафесар Эйсманд па адвечнай сваёй неўважлівасці яго завізіраваў?.. Спрытна! Махлярства ў чыстым выглядзе!</p>

<p>—		Гэтая душа не лічыцца! — збунтаваўся галоўны механік.</p>

<p>—		Вось ужо дудкі! Ніякіх дадатковых умоў ты не агучваў, Кгін! Душа ў мяне, а якім шляхам яна атрыманая, не важна! Ці ты хочаш прызнаць сябе пераможаным?</p>

<p>Кгін Мажэйка паматаў галавой і пашкадаваў аб тым, што наогул даў згоду на заклад.</p>

<p>Таўтвоіш Кандрашэвіч забраў пагадненне і сунуў яго ў тэчку, якая з кожнай гадзінай таўсцела. Задаволеная ўсмешка не сыходзіла з яго твару.</p>

<p>—		А табе хопіць самагону і папярос, каб разлічыцца за ўсе душы? — злараднасць аказалася не такім ужо і дрэнным пачуццём.</p>

<p>—		Вядома не!</p>

<p>—		І як ты збіраешся выходзіць са становішча?</p>

<p>—		Я прапаную людзям куды больш каштоўную альтэрнатыву! Тое, што трэба і моцным, і слабым, і разумным, і дурням!</p>

<p>—		Не кажы загадкамі!</p>

<p>—		Ты ўсё ўбачыш сам, Кгін, з часам!</p>

<p>Пад канец другога дня інжынеру-геліяэнергетыку належала амаль палова душ каланістаў. Праўда, Кгін Мажэйка моцна сумняваўся ў тым, што гэта дапаможа стаць мэрам.</p>

<p>—		Людзі любяць, калі ім плацяць! Асабліва за тое, чаго ў іх няма!.. Гэта ж ніякая ні душа, проста звычайны аркуш паперы. І за кожны такі аркуш людзі атрымліваюць тое, што мае для іх куды большую каштоўнасць!</p>

<p>—		Таўтвоіш, я заплюшчваю вочы на тое, што ты гоніш самагон і вырошчваеш марыхуану, каланістам часам трэба расслабляцца, аднак зараз ты разбураеш грамадскія асновы і расхістваеш дысцыпліну!</p>

<p>—		Нават так? — інжынер-геліяэнергетык пастараўся надаць твару максімальна нявінны выраз.</p>

<p>—		Таўтвоіш, не прыдурвайся, ты ж выдатна разумееш, што я маю на ўвазе! — зайграў жаўлакамі Лювер Вегер.</p>

<p>—		Гэта ўсяго толькі іх уяўленне. Пагадненне мае каштоўнасць толькі таму, што некаторыя ў яго вераць!</p>

<p>—		Мне б не хацелася страціць такога спецыяліста!</p>

<p>—		Не страціце!</p>

<p>На гэтым аўдыенцыя была скончаная.</p>

<p>Пры сустрэчы з галоўным механікам, інжынер-геліяэнергетык не прамінуў распавесці аб размове з Люверам Вегерам.</p>

<p>—		Мэр у курсе, што ты збіраешся звергнуць яго?</p>

<p>—		Адкуль? Пра гэта ж ведаем толькі мы з табой! Ці не толькі?</p>

<p>—		Сябрам такое не кажуць!</p>

<p>—		Прабач! А ты прадасі мне сваю душу? Яна стане ўпрыгожваннем маёй калекцыі!</p>

<p>—		Нават не мар пра гэта, Таўтвоіш! Маю душу ты не атрымаеш!</p>

<p>—		Шкада!</p>

<p>—		Што зробіш? Душа, ёсць яна ці не, — мая ўласнасць, і я не адчуваю ні найменшага жадання з ёй расстацца! Нават за ўвесь твой самагон і папяросы!.. Мне трэба працаваць — адзін з ровераў зламаўся!</p>

<p>—		Як вызвалішся, заходзь!</p>

<p>—		Абавязкова!</p>

<p>Скончыць рамонт атрымалася толькі а пятай гадзіне вечара. Да гэтага часу калонія нагадвала вар’яцкі дом. Хтосьці імкнуўся прадаць сваю душу, хтосьці — наадварот. На пабягушках у Таўтвоіша Кандрашэвіча цяпер былі трое — тэхнік, адзін з вадзіцеляў і медсястра. Візкгірду Юндзіле і Міраславе Кіндзяк здавалася, што яны змогуць зарабіць на мітусні, і не ўгразнуць у ёй самі. Інжынер-геліяэнергетык іх душы не купляў.</p>

<p>На шляху да жылога блока інжынера-геліяэнергетыка Юндзіла і Кіндзяк спыталіся ў Кгіна Мажэйкі пра патэнцыйную выгоду.</p>

<p>—		Забудзьцеся!</p>

<p>Таўтвоіш Кандрашэвіч займаўся упарадкаваннем пагадненняў па зразумелай аднаму яму схеме.</p>

<p>—		Хочаш ведаць, колькі ў мяне душ?</p>

<p>—		Не цягні ката за хвост! — Кгін Мажэйка падрыхтаваўся пачуць дрэнную навіну. Словы інжынера-геліяэнергетыка ледзь не выбілі глебу ў яго з-пад ног.</p>

<p>—		Амаль восемдзесят працэнтаў!</p>

<p>—		Віншую!</p>

<p>—		Яшчэ рана! Віншаваць можна будзе толькі пасля таго, як я пачну дру­гую фазу! А яшчэ лепш, калі да мяне пачнуць звяртацца «спадар мэр»! Мэр Кандрашэвіч... Гучыць?</p>

<p>Між волі Кгін Мажэйка здрыгануўся. Таўтвоіш Кандрашэвіч змяняўся проста на вачах. І ні ў лепшы бок.</p>

<p>—		Я, мабыць, пайду. У мяне праца.</p>

<p>—		Убачымся пазней!</p>

<p>Увечары адбыўся няшчасны выпадак. Дзверы шлюза чамусьці не адкрыліся, а сувязь у скафандры Малха Вільчуры не працавала. Геолаг стукаў па дзвярах, пакуль не скончыўся кісларод.</p>

<p>—		Не падабаецца мне гэта супадзенне! — сказала Дабрава Бутвіл. — Геолагу некалькі разоў прапаноўвалі прадаць душу — спачатку Ванібутовіч, а затым Юндзіла і Кіндзяк, потым да яго падыходзіў Альгерд Будрын... І вось смерць ад асфіксіі!</p>

<p>Г алоўны механік не стаў каментаваць словы медыка. Каб вылучаць супраць каго-небудзь абвінавачванні, трэба мець доказы. Буравікі маглі гаварыць з геолагам пра што заўгодна.</p>

<p>—		Я не магу зразумець, што здарылася з Таўтвоішам — раней ён мне праходу не даваў, а зараз нават не глядзіць у мой бок!</p>

<p>—		У Таўтвоіша спраў па горла — ён скупляе душы.</p>

<p>—		Ты не ведаеш, навошта яму гэта?</p>

<p>—		Магу толькі здагадвацца.</p>

<p>—		Калі даведаешся, падзяліся. Мне здаецца, уся гэтая задума з купляй душ затуляе нешта іншае!</p>

<p>—		Скажу! — пакінуўшы медпункт, Кгін Мажэйка адправіўся ў жылы блок. Таўтвоіша Кандрашэвіча ён там не заспеў. Не было таварыша і ў тэхнічным модулі.</p>

<p>—		У бібліятэцы сядзіць! — кінуў электрык, які праходзіў міма.</p>

<p>—		Дзякуй, Еўгард!</p>

<p>Кампанію інжынеру-энергетыку складалі пяцёра буравікоў на чале з Альгердам Будрынам. Убачыўшы галоўнага механіка, змрочныя здаравякі моўчкі рушылі ў яго бок.</p>

<p>—		Усё ў парадку!</p>

<p>—		Я бачу, ты абзавёўся аховай, Таўтвоіш!</p>

<p>—		Ды вось дайшло да таго, што даводзіцца думаць пра ўласную бяспеку. Некалькі чалавек спрабавалі адабраць у мяне пагадненні сілай.</p>

<p>Інжынер-геліяэнергетык зусім не выглядаў напалоханым. Хутчэй задаволеным.</p>

<p>—		І ты папрасіў хлопцаў пабыць тваімі целаахоўнікамі?</p>

<p>—		Нешта накшталт таго, — Таўтвоіш Кандрашэвіч адклаў томік Ніцшэ і пахваліўся: — Засталося толькі паўтара дзясятка чалавек.</p>

<p>—		Малайчына! Бачу, для таго, каб займацца скупкай душ, зусім не абавязкова быць Д’яблам!.. Чуў, што здарылася з Вільчурам?</p>

<p>—		Страшная смерць. Малху не варта было выходзіць вонкі, не праверыўшы сувязь. Месяц не трывае няўважлівасці.</p>

<p>На тварах буравікоў не таргануўся ніводны мускул.</p>

<p>—		Пяць з паловай гадоў у калоніі, і такая прыкрая дробязь... — паківаў галавой Таўтвоіш Кандрашэвіч. — Урок усім нам. Усё ж мы пакуль чужыя ў Космасе... Памянём?</p>

<p>Альгерд Будрын дагаджаючы дастаў з-пад стала бутэльку з каламутнай вадкасцю.</p>

<p>—		Давай!</p>

<p>—		За заўчасна пайшоўшага ад нас Малха Вільчуру! Ён быў добрым чалавекам.</p>

<p>Самагон апёк стрававод і распаленай лавай праліўся ў страўнік.</p>

<p>—		Ён прадаў табе душу?</p>

<p>—		На жаль, не. Аднак так нават лепш.</p>

<p>—		Чым гэта?</p>

<p>—		Пакуль не магу сказаць... Яшчэ? Для рэлаксацыі.</p>

<p>—		Хочаш напаіць мяне, каб я падпісаў пагадненне?</p>

<p>—		Як ты мог такое падумаць, Кгін? Проста прапанаваў выпіць старому сябру.</p>

<p>—		Не сёння!</p>

<p>—		Як хочаш, — Таўтвоіш Кандрашэвіч нядбайна паварушыў пальцамі, і самагон знік. А вось выраз ліслівага чакання на тварах буравікоў нікуды не дзеўся.</p>

<p>—		Бачу, яны беспярэчна табе падпарадкоўваюцца. Дазволь пацікавіцца, як табе ўдалося завербаваць іх? Вы ж ніколі не ладзілі.</p>

<p>—		Я даў ім самы салодкі з наркотыкаў — уладу... Любы чалавек мае канчатковай мэтай зусім не задавальненне, кар’еру або размнажэнне, а магутнасць, уладу. Наша жыццё — гэта бясконцая барацьба за ўладу, дзе ўсе дзеянні ёсць толькі сродкі для ўстанаўлення адносін панавання і падпарадкавання.</p>

<p>—		І якой жа ўладай ты мог надзяліць буравікоў?</p>

<p>—		Правам распараджацца душамі... Памятаеш, ты пытаўся, які мой план?.. Я скажу табе: улада праз уладу!</p>

<p>З’явіўся намеснік мэра і размова спынілася.</p>

<p>—		Кгін Мажэйка, спадар мэр просіць цябе зайсці.</p>

<p>—		Просьба мэра падобна на загад. Паспяшайся, Кгін.</p>

<p>Галоўны механік пакрочыў услед за Білмінам Гедзем.</p>

<p>—		Дазвольце? — пастукаўшы косткамі пальцаў па пластыку, спытаў Кгін Мажэйка.</p>

<p>—		Заходзь, сядай! Гарбаты?</p>

<p>—		Не, дзякую! Перад сном не п’ю.</p>

<p>—		А я вось вып’ю, — Лювер Вегер дробнымі глыткамі выпіў паўкубка, і толькі пасля гэтага сказаў: — Што адбываецца, Кгін? Толькі не кажы мне, што Кандрашэвіч проста калекцыяніруе душы.</p>

<p>—		А з чаго вы вырашылі, што я змагу адказаць?</p>

<p>—		Вы ж лепшыя сябры. Ты не можаш не ведаць.</p>

<p>Павісла паўза. Галоўны механік разважаў, ці правільна будзе распавесці мэру пра заклад. Усё ж справа ў першую чаргу тычылася менавіта яго.</p>

<p>—		Ён не падзяліўся са мной сваімі планамі, — нарэшце выціснуў Кгін Мажэйка.</p>

<p>—		Я чакаў ад цябе іншага адказу, Кгін.</p>

<p>Нечакана галоўны механік адчуў сябе вінаватым. Як быццам ён здрадзіў Вегеру. З іншага боку, інжынер-геліяэнергетык сапраўды нічога яму не сказаў. Фраза пра ўладу праз уладу нічога не значыць.</p>

<p>—		Я магу загадаць табе казаць, але нешта мне падказвае, што гэтым я нічога не даб’юся!.. Колькі вы сябруеце?</p>

<p>—		Амаль дваццаць гадоў.</p>

<p>—		Сур’ёзны тэрмін. Ты можаш ісці. Пачакай... Шмат яму яшчэ?</p>

<p>—		Пятнаццаць, спадар мэр.</p>

<p>***</p>

<p>Раніца пятніцы сустрэла галоўнага механіка навіной аб тым, што Дабрава Бутвіл прадала сваю душу. Здзіўленне Кгіна Мажэйкі было настолькі моцным, што ён адразу ж адправіўся да медыка.</p>

<p>—		Я не магу паверыць, што ты падпісала гэта чортавае пагадненне.</p>

<p>—		У мяне не было іншага выйсця.</p>

<p>—		Выбар ёсць заўсёды, — закрычаў галоўны механік.</p>

<p>—		Толькі ні гэтым разам...</p>

<p>Тужлівыя ноткі ў голасе Бутвіл прымусілі Кгіна Мажэйку спытаць:</p>

<p>—		Што здарылася?</p>

<p>Ніжняя губа медыка задрыжала, а затым Дабрава расплакалася.</p>

<p>—		Ты чаго? Не трэба! — галоўны механік прыціснуў жанчыну да сябе. — Што такое?</p>

<p>—		Гэта ўсё... Будрын... і яго... баевікі! Яны прыйшлі... і сказалі... калі не прадам душу... з Любавай можа адбыцца... няшчасны выпадак...</p>

<p>—		Што? — вочы галоўнага механіка палезлі на лоб. Чаго-чаго, а падобнага прызнання Кгін Мажэйка ніяк не чакаў.</p>

<p>—		Я паставіла подпіс...</p>

<p>Кулакі галоўнага інжынера самі па сабе сціснуліся. Падобна на тое, што Кандрашэвіч зайшоў занадта далёка.</p>

<p>—		Я баялася... за дачку. Прабач.</p>

<p>—		Ты ўсё зрабіла правільна. Не бойся — я не дам вас у крыўду.</p>

<p>—		Але буравікі...</p>

<p>—		Выпі супакойлівы сродак, паляжы, а мне трэба пагаварыць з Кандрашэвічам. Час з гэтым канчаць.</p>

<p>—		Кгін, я цябе прашу — не лезь! Гэта страшныя людзі.</p>

<p>—		Усё будзе добра, — галоўны механік выйшаў з медпункта, ледзь стрымліваючы злосць. Ёсць межы, якія пераходзіць нельга.</p>

<p>—		Кгін, не хочаш прадаць душу?</p>

<p>—		Пайшоў прэч! — Кгін Мажэйка быў гатовы разарваць тэхніка.</p>

<p>—		Як бы не давялося шкадаваць пра свае словы.</p>

<p>—		Прэч!</p>

<p>Любарт Ванібутовіч паспяшаўся збегчы.</p>

<p>—		Таўтвоіш, якога чорта ты вытвараеш? — не зважаючы на мацакоў, накінуўся на інжынера-геліяэнергетыка галоўны механік.</p>

<p>Будрын і яго галаварэзы рэзка падаліся наперад. Пагляды буравікоў былі далёка не сяброўскімі.</p>

<p>—		Гэй, гэй, гэй! Прытрымай коней, Кгін! Тое, што ты мне сябар, зусім не азначае, што ты можаш урывацца ў мой жылы блок.</p>

<p>—		Будрын заявіўся да Дабравы пасярод ночы і, пагражаючы згвалтаваць яе дачку, прымусіў падпісаць пагадненне.</p>

<p>—		Альгерд, гэта праўда? — узняў бровы Кандрашэвіч.</p>

<p>—		Брахня! Яна сама прыйшла да нас і прапанавала душу.</p>

<p>—		Ах ты, вырадак! Выходзіць, яна хлусіць?</p>

<p>—		Угу.</p>

<p>Чацвёра буравікоў з цяжкасцю ўтрымлівалі галоўнага механіка. Не маючы магчымасці дацягнуцца да Будрына, Кгін Мажэйка лаяўся і праклінаў яго.</p>

<p>—		Супакойся, Кгін! — запатрабаваў Таўтвоіш Кандрашэвіч. — У мяне няма падстаў не давяраць маім хлопцам.</p>

<p>—		Дабрава...</p>

<p>—		Дабрава магла прыдумаць і не такое.</p>

<p>—		Але навошта? — разгублены галоўны механік перастаў вырывацца і здзіўлена ўтаропіўся на інжынера-геліяэнергетыка.</p>

<p>—		Мне адкуль ведаць? Ці мала што прыйшло ў галаву ўдаве.</p>

<p>—		Я табе не веру!</p>

<p>—		І што мне цяпер загадаеш рабіць?</p>

<p>Ахінула агіда. Невытлумачальная. Такая моцная, што валіла з ног.</p>

<p>—		Адпусціце мяне!</p>

<p>Буравікі павярнулі галовы да Таўтвоіша Кандрашэвіча. Інжынер-геліяэнергетык кіўнуў.</p>

<p>—		Я прызнаю сябе пераможаным.</p>

<p>—		Паўтары! — загадаў Таўтвоіш Кандрашэвіч, хоць і ў першы раз выдатна чуў.</p>

<p>—		Ты выйграў!</p>

<p>—		Э, не! Так не пойдзе — гэта будзе паўперамога.</p>

<p>—		Якая розніца? — раззлаваўся галоўны механік.</p>

<p>Буравікі падступіліся бліжэй.</p>

<p>—		Кгін, ты пазбаўляеш мяне маральнага задавальнення і прымушаеш адчуваць сябе непаўнавартасным. Я адпрэчваю тваю прапанову — давай давядзём пачатае да канца. Трэба ўмець прайграваць.</p>

<p>—		Твая праўда! — жылы блок Кгін Мажэйка пакінуў, адчуваючы сябе нібы расціснутым лімонам.</p>

<p>—		А зараз не хочаш прадаць душу? — спыніў галоўнага механіка ля скла­да гелія-3 тэхнік.</p>

<p>Замест адказу Кгін Мажэйка спытаў:</p>

<p>—		Навошта ты гэта робіш, Любарт?</p>

<p>—		Таўтвоіш дае мне самагон і траўку.</p>

<p>—		І толькі?</p>

<p>—		Павінна быць нешта яшчэ? — здзівіўся Любарт Ванібутовіч. — Паслухай, Кгін, прадай мне душу. Таўтвоіш абяцаў за яе бонус у дзесяціразовым памеры. Больш толькі за душу Вегера.</p>

<p>—		Дзесяць літраў і сто папярос... Як мала каштуе чалавек. Мая душа не прадаецца — так можаш і перадаць Таўтвоішу.</p>

<p>—		Я падзялюся з табой самагонам і траўкай — дам табе дваццаць працэнтаў.</p>

<p>—		Не.</p>

<p>—		Трыццаць. Гэта вельмі выгадная прапанова.</p>

<p>—		Не! — Кгін Мажэйка адштурхнуў Ванібутовіча, каб вызваліць дарогу.</p>

<p>—		Малх Вільчура таксама не хацеў прадаваць душу, і дзе ён зараз?</p>

<p>—		Што? — галоўны механік рэзка спыніўся і павярнуўся.</p>

<p>—		Твая душа каштоўная, але не неацэнная. А смяротнасць у космасе высокая...</p>

<p>—		Ты мне пагражаеш? — здзівіўся Кгін Мажэйка. Любарт Ванібутовіч быў ледзь не самым ціхім чалавекам у калоніі.</p>

<p>—		Разумнейшыя за цябе даўно пазбавіліся ад душы.</p>

<p>Некалькі імгненняў галоўны механік з нянавісцю глядзеў на тэхніка, а затым накіраваўся ў медпункт. На сценах раз-пораз трапляўся зроблены па трафарэце надпіс: «Вегера — у адстаўку!».</p>

<p>—		Жывы! — Дабрава Бутвіл кінулася на шыю Кгіну Мажэйку.</p>

<p>—		Ты чаго? Не трэба плакаць. — медык кіўнула і выцерла слёзы. — Кандрашэвіч усё адмаўляе.</p>

<p>—		Бог з ім! Я прашу цябе — не лезь. Калі ласка.</p>

<p>—		Прапануеш мне не заўважаць гнюсоты? Я так не магу. Таму іду да Вегера.</p>

<p>Па шчоках Бутвіл зноў пакаціліся слёзы. Словы галоўнага механіка спалохалі яе яшчэ мацней.</p>

<p>—		Мэр так гэтага не пакіне... Любарт?.. Падслухоўваеш пад дзвярыма?</p>

<p>Тэхнік кінуўся бегчы. Даганяць яго Кгін Мажэйка не стаў. Замест гэтага</p>

<p>пайшоў да блока Вегера.</p>

<p>Прыкладна на паўдарогі да мэра галоўнага механіка спынілі тры вадзіцелі.</p>

<p>—		Чаго вам?</p>

<p>—		Людзі супраць таго, каб ты кантактаваў з Вегерам. — сказаў Візкгірд Юндзіла. Яго таварышы закачалі галовамі.</p>

<p>—		Г эта вы, ці што?</p>

<p>—		І мы таксама.</p>

<p>—		Зараз жа прапусціце мяне!</p>

<p>—		Табе няма чаго ісці да Вегера. — вадзіцелі расхінулі курткі, паказаўшы пад рамянямі гаечныя ключы.</p>

<p>—		Хлопцы, вы чаго — абкурыліся? Або Кандрашэвіч наліў няякаснай самагонкі?</p>

<p>—		Хочам атрымаць свае душы назад, — патлумачыў Візкгірд Юндзіла.</p>

<p>—		Таўтвоіш загадаў вам не пускаць мяне?!</p>

<p>—		Г эта толькі адна з яго ўмоў.</p>

<p>—		І вы станеце яго слухаць?</p>

<p>—		Да таго часу, пакуль не вернем свае душы. Сыходзь, Кгін, мы не хочам біць цябе.</p>

<p>—		Але, калі прыйдзецца, вагацца не будзеце... Буравікоў Кандрашэвіч прымусіў тым жа спосабам?</p>

<p>—		І не толькі іх. Ідзі!</p>

<p>Шанцаў справіцца з трыма вадзіцелямі ў галоўнага механіка не было ніякіх, і Кгін Мажэйка адступіў.</p>

<p>Вярнуўшыся ў жылы блок, галоўны механік знайшоў на стале пагадненне — на аркушы заставалася толькі падставіць подпіс. Кгін Мажэйка вылаяўся і, скамячыўшы паперу, шпурнуў яе на падлогу. Пасля чаго набраў код мэра. Перагаворная прылада не працавала.</p>

<p>Здагадацца, чыіх гэта рук справа, было не цяжка.</p>

<p>Галоўны механік пачаў асэнсоўваць сітуацыю. Нават калі выказаць здагадку, што не ўсе каланісты захочуць вярнуць душы, колькасць тых, каму Таўтвоіш Кандрашэвіч мог загадваць, была немалой.</p>

<p>Адчуўшы вострае жаданне параіцца з Дабравай Бутвіл, Кгін Мажэйка накіраваўся ў медпункт. За галоўным механікам увязаўся Альгерд Будрын у суправаджэнні яшчэ аднаго буравіка. Праз некаторы час да іх далучыліся яшчэ двое.</p>

<p>Ля дзвярэй сталовай сабраўся натоўп. Цалкам голы кухар нагадваў сабаку.</p>

<p>—		Што тут адбываецца? — расштурхнуўшы разявак, спытаў Кгін Мажэйка.</p>

<p>—		Кандрашэвіч аддаў Ромуту Сімаку права на валоданне душой Доўнара Картыніча, і цяпер садоўнік адыгрываецца за мінулыя крыўды, — растлумачыў Дуят Драмашка.</p>

<p>—		Ты чаго? — нахмурыўся Ромут Сімак, калі галоўны механік схапіў яго за плячо і павярнуў да сабе.</p>

<p>—		Спыніць!</p>

<p>—		І не падумаю! Мне яшчэ трэба выкупіць у Таўтвоіша Кандрашэвіча сваю душу. Не выканаю ўмоў — не атрымаю пагаднення.</p>

<p>Вочы Кгіна Мажэйкі пачалі налівацца крывёю. Перамагчы спакусу даць па твары садоўніку аказалася няпроста.</p>

<p>—		А вы чаго не спыніце гэты балаган? — галоўны механік абвёў позіркам натоўп.</p>

<p>—		Умяшаемся, не відаць нам сваіх душ! — падаў голас Кібарт Даманчук.</p>

<p>Кгін Мажэйка скрыгатнуў зубамі і, злосным голасам пацікавіўся:</p>

<p>—		А да гэтага дня гэтыя самыя душы вам былі не патрэбныя?</p>

<p>Каланісты маўчалі, толькі Доўнар Картыніч працягваў брахаць і падымаць нагу. Ніхто не адважыўся глядзець галоўнаму механіку ў вочы.</p>

<p>—		Захацелі дармаўшчыны, а цяпер задумаліся аб вечным?</p>

<p>—		А ты нас не саромь, Кгін! Тое, што ты не прадаў душу, яшчэ не азначае, што ты можаш загадваць нам. Не зграшыўшы, не пакаешся.</p>

<p>—		Вось як ты загаварыў, Ромут... З-за чаго ж ты не быў такім правільным раней?</p>

<p>Ён не адказаў.</p>

<p>—		Кгін, не перашкаджай людзям адпрацоўваць даўгі.</p>

<p>—		А то што?</p>

<p>—		Мала ці што можа здарыцца.</p>

<p>Гледзячы ў вочы Альгерда Бутрына, Кгін Мажэйка нечакана зразумеў, на чыім сумленні смерць геолага.</p>

<p>—		Вяртайся да ровераў — там тваё месца!</p>

<p>Да парады буравіка галоўны механік не прыслухаўся.</p>

<p>—		А мне пляваць, што Вегер забараніў! — шалеў каля шлюза Гоід Аўдошка. — Я павінен выйсці вонкі.</p>

<p>—		Даследаваннямі рэгаліту можна заняцца і пазней, — спрабаваў абразуміць геолага намеснік мэра.</p>

<p>—		Да Д’ябла даследаванні! Я выкупляю душу!</p>

<p>Білмін Гедзь цяжка ўздыхнуў і саступіў убок.</p>

<p>Адчуваючы спінай непрыязныя погляды буравікоў, Кгін Мажэйка ўмешвацца не стаў.</p>

<p>—		Дабрава, твая перагаворная прылада працуе?</p>

<p>—		З раніцы працавала... Зараз праверу. А што?</p>

<p>—		Да Вегера мяне не пускаюць, а мая зламалася. І менавіта ў той момант, калі яна вельмі патрабуецца.</p>

<p>—		І мая не працуе!.. Думаеш, гэта неяк звязана з Таўтвоішам Кандрашэвічам?</p>

<p>—		Мне вельмі моцна хочацца сказаць «не»!.. А ты чаго такая бледная?</p>

<p>—		У калоніі становіцца неспакойна. Паўгадзіны таму павесіўся Гаіла Давіскіба.</p>

<p>—		Зваршчык?</p>

<p>—		Кажуць, што гэта здарылася пасля таго, як Таўтвоіш Кандрашэвіч спаліў яго пагадненне.</p>

<p>—		І Гаіла вырашыў, што цяпер яму нізашто не вярнуць душу...</p>

<p>—		Перадсмяротнай запіскі не знайшлі, — нагадала медык.</p>

<p>—		Няцяжка здагадацца. У што ж ты ператвараеш калонію, Таўтвоіш?</p>

<p>—		Кгін?</p>

<p>—		Дзе Любава?</p>

<p>—		Я папрасіла суседку за ёй прыгледзець.</p>

<p>—		Ты ёй давяраеш?</p>

<p>—		Ты думаеш?..</p>

<p>—		Ты ёй давяраеш?</p>

<p>—		Яна таксама хоча вярнуць прададзеную душу, — медык заціснула рукой рот. — Я бягу да яе!</p>

<p>—		Стой!</p>

<p>—		Куды там, — Дабрава Бутвіл выскачыла з медпункта і панеслася ў напрамку жылых блокаў.</p>

<p>—		Няласкава ж ты абыходзішся з жанчынамі, — зарагатаў Альгерд Будрын. Следам заржалі астатнія буравікі. — Табе варта было б павучыцца, а то яны ўсе так і будуць ад цябе бегаць.</p>

<p>Праігнараваўшы здаравяка, галоўны механік заспяшаўся за медыкам. Буравікі не засталіся на месцы.</p>

<p>Ні Дабравы, ні Любавы ў жылым блоку не аказалася.</p>

<p>—		Дзе яны?</p>

<p>—		Не ведаю, — паглядзеўшы на буравікоў, адказала Алеся Атрышка.</p>

<p>Кгін Мажэйка зразумеў, што ў прысутнасці банды Будрына бібліятэкар не</p>

<p>скажа ні слова. Не было сэнсу прасіць яе звязацца з Вегерам.</p>

<p>Кгін Мажэйка адправіўся да Таўтвоіша Кандрашэвіча.</p>

<p>Ахоўнікаў у інжынера-геліяэнергетыка дадалося — у жылым блоку было не праціснуцца.</p>

<p>—		Ад таго, як хутка ты выканаеш маё даручэнне, залежыць, як хутка ты вернеш душу, — Даманчук з панурым выглядам пакінуў памяшканне. — О, Кгін! Зайшоў пабалбатаць са старым сябрам?</p>

<p>—		Яна ў цябе?</p>

<p>—		Калі ты пра Дабраву, то так. Нарэшце яна пагадзілася прыняць мае заляцанні.</p>

<p>Гнеў асляпіў.</p>

<p>Галоўны механік павольна далічыў сам сабе да дзясяці. Але і пасля гэтага жаданне кінуцца на інжынера-геліяэнергетыка і задушыць яго слабыйшым не стала.</p>

<p>—		Дыхай глыбей, Кгін! Рана ці позна гэта павінна было здарыцца. Жанчыны, яны такія — сёння «не», а заўтра — «так»... Вось толькі не трэба на мяне кідацца, Кгін. Не зайздросці, жаночаму сэрцу не загадаеш. І хопіць лаяцца!</p>

<p>Кгін Мажэйка ледзь стрымаў сябе. Дапамагло разуменне таго, што аднаму не даць рады.</p>

<p>—		Я буду тваім рабом — год, два, хоць усё жыццё, толькі адпусці яе!</p>

<p>—		Мы ўжо казалі пра гэта. Заклад да перамогі!</p>

<p>—		Таўтвоіш, будзь жа чалавекам.</p>

<p>—		Маё апошняе слова «не»! Пачатае павінна быць скончана!</p>

<p>—		Ты ператварыўся ў пачвару... У мяне больш няма сябра Таўтвоіша Кандрашэвіча! — Кгін Мажэйка выйшаў, шкадуючы аб тым, што нельга ад душы ляпнуць дзвярыма.</p>

<p>Дабрацца да Вегера галоўнаму механіку зноў не далі. І на гэты раз вадзіцелі былі настроены куды больш агрэсіўна.</p>

<p>—		Прэч! — рыкнуў Візкгірд Юндзіла, а яго таварышы ўзяліся за гаечныя ключы.</p>

<p>—		Паслухай, Візкгірд, няўжо вы не бачыце, што Кандрашэвіч гуляе вамі як пешкамі? Ён дае вам адчуць сябе важнымі, але толькі для таго, каб умацаваць уласную ўладу!</p>

<p>—		Прэч, а не то мы пералічым табе косці!</p>

<p>«Зробіць, — падумалася Кгіну Мажэйку, — і не будзе мучыцца згрызотамі сумлення...»</p>

<p>—		Не, спадар мэр, сувязі з Зямлёй няма, — даляцеў да слыху галоўнага механіка, калі ён праходзіў міма прачыненых дзвярэй цэнтра сувязі, голас Дуята Драмашкі. — Я раблю ўсё магчымае. Не, унутраную сувязь пакуль не паправілі. Так, я паспрабую.</p>

<p>У тым, што сувязь знікла зусім не выпадкова, Кгін Мажэйка ніколькі не сумняваўся.</p>

<p>Пабываўшы ў боксе і наткнуўшыся на варожыя позіркі каланістаў, галоўны механік адправіўся ў жылы блок, думаючы пра тое, што рабіць далей. Таўтвоіш Кандрашэвіч меў рацыю — для таго, каб падпарадкаваць сабе людзей, трэба толькі жаданне.</p>

<p>Кгіну Мажэйку было непрыемна ад таго, што нават самая маленькая ўлада беспаваротна змяняла чалавека. І чым нікчэмнейшым быў чалавек, тым больш яму хацелася ўлады. Станавіўся зразумелы план інжынера-геліяэнергетыка.</p>

<p>—		Падумаць толькі, як недалёка мы адышлі ад першабытнага чалавека...</p>

<p>Заняты непрыемнымі разважаннямі, галоўны механік не заўважыў, як адсталі Альгерд Бутрын з буравікамі. І як ажыла цень паміж дзвюма акумулятарнымі батарэямі.</p>

<p>Апошняе, што ўбачыў Кгін Мажэйка перад тым як сысці ў небыццё, быў надпіс: «Вегер — забойца!», намаляваны чырвонай фарбай.</p>

<p>Расплюшчыць павекі аказалася не так ужо і проста. Некалькі імгненняў галоўны механік спрабаваў зразумець, у што ён утаропіўся, пасля зноў заплюшчыў вочы. Галава раскалвалася, у вушах звінела, вельмі хацелася піць.</p>

<p>Менавіта смага прымусіла Кгіна Мажэйку спачатку адкрыць вочы, а затым узняцца. Нягледзячы на тое, што галоўны механік стараўся рухацца як мага асцярожней, боль працяў усё цела. Прыйшлося абаперціся на батарэю.</p>

<p>Праз некаторы час удалося лакалізаваць крыніцу болю. Дакрануўшыся да патыліцы, Кгін Мажэйка ўскрыкнуў — гузак быў велізарны.</p>

<p>—		Чым гэта яны мяне?</p>

<p>Гадаць не прыйшлося — у трох метрах ад галоўнага механіка ляжаў гаечны ключ.</p>

<p>Галоўны механік выцер кроў аб калашыну і з трэцяй спробы падняўся. Павяло — давялося схапіцца за рабро акумулятарнай батарэі.</p>

<p>Колькі ён так прастаяў, ачуняючы і радуючыся, што косці чэрапа вытрымалі, Кгін Мажэйка не ўзяўся б сказаць дакладна. Не менш за вечнасць.</p>

<p>Калі адступіла слабасць, галоўны інжынер пайшоў да жылога блока. Ні адзін з каланістаў, якія сустрэліся Кгіну Мажэйку, нават не памкнуўся дапамагчы яму. А разам з’елі ні адзін пуд солі.</p>

<p>Было крыўдна да слёз.</p>

<p>Як ён дайшоў, галоўны механік не памятаў.</p>

<p>Дабраўшыся да жылога блока, Кгін Мажэйка дастаў з халадзільніка сок і залпам яго выпіў. Стала крыху лягчэй.</p>

<p>Сяк-так прамыўшы рану, галоўны механік паклаў на галаву змочаны ручнік і, не распранаючыся, паваліўся на ложак.</p>

<p>Ён заснуў, як толькі заплюшчыў вочы...</p>

<p>***</p>

<p>—		Мэр — забойца! — шматгалосы рык вырваў Кгіна Мажэйку з абдымкаў Марфея. Галоўны механік кінуў погляд на гадзіннік — набліжаўся поўдзень. — Далоў Вегера!</p>

<p>—		Што за зборышча? — Кгін Мажэйка схапіў Кібарта Даманчука за руку.</p>

<p>—		Вегер забіў Вільчуру, — растлумачыў газавік, спрабуючы вырвацца.</p>

<p>—		Што? — у галоўнага механіка адвісла сківіца.</p>

<p>—		Вегер забіў Вільчуру! — Кібарт Даманчук тузануў мацней, але Кгін Мажэйка руку не адпусціў. — Ромут Сімак бачыў, як мэр зламаў перадатчык у скафандры Малха.</p>

<p>—		А чаго ён так доўга маўчаў?</p>

<p>—		Баяўся Вегера.</p>

<p>—		Зараз, значыць, не баіцца?</p>

<p>—		Таўтвоіш Кандрашэвіч узяў яго пад сваю абарону.</p>

<p>Пачутае настолькі ашаламіла галоўнага механіка, што ён нарэшце адпусціў газавіка. Нейкі час Кгін Мажэйка стаяў моўчкі, а потым страпянуўся:</p>

<p>—		Стойце!</p>

<p>Натоўп спыніўся не адразу: спачатку павярнулі галовы заднія шэрагі, пасля сталі і астатнія. Слоган змоўк на паўслове.</p>

<p>—		Гэта не Вегер, гэта Кандрашэвіч забіў Малха Вільчуру! Гэта на сумленні Таўтвоіша смерць Гаіла Давіскібы!</p>

<p>Цішыня доўжылася ўсяго імгненне.</p>

<p>—		Ублюдак хлусіць! — крыкнуў Альгерд Будрын і пачаў прабірацца да Кгіна Мажэйкі.</p>

<p>—		Ромут Сімак бачыў усё на ўласныя вочы! — мяўкнуў Любарт Ванібутовіч, на ўсялякі выпадак схаваўшыся за спіны іншых.</p>

<p>Натоўп незадаволена загуў.</p>

<p>—		Ад яго сышла Дабрава, вось ён і спрабуе ачарніць Таўтвоіша, — дадаў тэхнік.</p>

<p>Падаграваемы выдумкамі Любарта Ванібутовіча, гул з кожнай секундай мацнеў. Неўзабаве каланісты шалелі так моцна, што ўжо не чулі Кгіна Мажэйку.</p>

<p>Г алоўны механік глядзеў на людзей і не пазнаваў іх. Каланісты ператварыліся ў агрэсіўную безаблічную масу.</p>

<p>На шчасце, Дабравы сярод статку не было.</p>

<p>«Як жа хутка яны страцілі чалавечае аблічча, — сумна падумаў галоўны механік. — Улада аказалася куды больш моцным ядам, чым усе вядомыя...»</p>

<p>Балюча ўкалола думка пра тое, што інжынер-геліяэнергетык выйграе заклад. Кгіну Мажэйку стала страшна.</p>

<p>Не за сябе.</p>

<p>За калонію...</p>

<p>Не варта было спадзявацца на тое, што праз два з паловай месяцы, калі прыбудзе карабель, нешта зменіцца. Дзеля гелія-3 Зямля будзе трываць любога тырана.</p>

<p>—		Ім жа ўсё роўна, хто будзе забяспечваць планету энергіяй...</p>

<p>—		Ды ён супольнік Вегера! — крыкнуў Любарт Ванібутовіч. — Бі яго!</p><empty-line />
</section>

</body></FictionBook>